КДБ: генерал-маёр Ігар Кузняцоў жывы і здаровы
Камітэт дзяржбяспекі абверг паведамленне аб тым, што былы начальнік упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Ігар Кузняцоў скончыў жыццё самагубствам.
Сёння ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што ён, нібыта, застрэліўся з паляўнічай стрэльбы. Начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Аляксандр Антановіч назваў яе "гнюснай хлуснёй".
"Абсалютна не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя. Ён жывы і здаровы", — цытуе словы Антановіча БелаПАН.
Генерал-маёр Ігар Кузняцоў у цяперашні час працуе начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі.
