Згуртаванне беларусаў свету заступаецца за іркуцкіх беларусаў

Нагадаем, што ў Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і ў кватэры яго старшыні Алега Рудакова прайшлі ператрусы. Нагодай стала крымінальная справа. Расійскія праваахоўнікі пачалі яе пасля таго, як сябра таварыства Аляксей Кухта размясціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” прафашысцкія і антысеміцкія выказванні і фотаздымкі. Таксама ён з'яўляецца мадэратарам старонкі моладзевага клуба "Крывічы" “Вконтакте”. Там ён размясціў фільм "Беларускі рэзістанс" і фота дзеячаў БКА. Ён зрабіў гэта з уласнай ініцыятывы, не папярэдзіўшы пра гэта Рудакова.

У выніку ў крымінальнай справе Рудакоў фігуруе як лідар “экстрэмісцкай групоўкі “Моладзевы клуб “Крывічы”. Праваахоўнікі заяўляюць, што Рудакоў “выбудаваў  жорсткую іерархію і бясспрэчнае падпарадкаванне яму як лідару”, што ён выкладае баявыя віды барацьбы і забараняе ў межах групоўкі размаўляць на рускай мове.

ЗБС "Бацькаўшчына" заяўляе, што няма падставаў падазраваць Рудакова ў антызаконнай дзейнасці. Таварыства заклікае грамадскасць Беларусі ды арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім свеце абараніць гонар і годнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яе кіраўніка Алега Рудакова.

Фота — svaboda.org