Жыхарка Горак, якая правалілася пад зямлю, трапіла ў лякарню
29-гадовая жанчына 21 студзеня паступіла ў Магілёўскую абласную псіхіятрычную лякарню.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на саму пацярпелую, у яе павышаная нервовасць. Неўрапатолаг паставіў дыягназ астэахандроз. Дыягназ псіхатэрапеўта — "вострая рэакцыя на стрэс". Неўрапатолаг прапісала жанчыне ўколы і таблеткі. Пацярпелая кажа, што часам яе хістае, губляецца каардынацыя, не атрымліваецца сканцэнтравацца.
Нагадаем, што інцыдэнт адбыўся ўвечары 4 студзеня ў Горках, калі жанчына з мужам вярталіся дахаты. У нейкі момант пакладзеная да "Дажынак" плітка сышла з-пад ног, і жанчына апынулася ў вадзе пад зямлёй. Праз імгненне побач апынуўся яе муж. Ён таксама праваліўся ў яму глыбінёй каля двух метраў. Вада даходзіла яму да калена. Ён выпхнуў жонку з ямы і выбраўся сам.
Пацярпелыя хочуць запатрабаваць ад уладаў кампенсацыю як матэрыяльнай, так і маральнай шкоды. Аднак пакуль здароўе не дазваляе ўшчыльную заняцца гэтым.
Фота — realt.onliner.by