Жыхары Лідчыны апасаюцца вытворчасці шкловаты
Людзі не ведаюць, чаго чакаць ад новай галіны дзейнасці шклозавода “Нёман”, паведаміў Еўрарадыё мясцовы актывіст Сяргей Трафімчык.
Жыхары Бярозаўкі, што ў Лідскім раёне, накіравалі лісты двум мясцовым дэпутатам, а таксама прадстаўнікам у абласным савеце і Палаце прадстаўнікоў. Яны патрабуюць ацаніць уздзеянне вытворчасці шкловаты на экалогію 12-тысячнага горада і правесці грамадскія слуханні.
“Інфармацыя пра стварэнне гэтай вытворчасці была як у рэгіянальных, так і ў рэспубліканскіх СМІ, — пішуць беразаўчане. — Калі звесткі пра эканамічную выгаду ад прадукцыі мелі месца ў поўным аб’ёме, то некаторыя аспекты … не былі асветленыя належным чынам: якія рэчывы і ў якой колькасці будуць выкарыстоўвацца пры вырабе шкловаты; ці будзе гэтая вытворчасць уздзейнічаць на навакольнае асяроддзе; якія гарантыі бяспекі жыхароў Бярозаўкі”.
Пад гэтым зваротам падпісаліся больш за 1000 чалавек. Актывісты папрасілі, каб Орхускі цэнтр дапамог адстойваць права ўдзельнічаць у прыняцці важных для экалогіі Бярозаўкі рашэнняў.
Плануецца, што вытворчасць шкловаты пачнецца ўжо сёлета ў снежні. Цяпер на заводзе пераабсталёўваюць адзін з цахоў і будуюць новыя карпусы. Генеральны падрадчык — італьянская фірма Adventech. Яна запусціць абсталяванне, праектная магутнасць якога — 50 тон прадукцыі ў суткі, а таксама ачыстныя фільтры. Агульны кошт праекта больш за 34 мільёны долараў ЗША.