Зміцер Бандарэнка вырашыў эміграваць з Беларусі

Па словах Бандарэнкі, якія перадае сайт "Хартыя-97", у Беларусі існуе рэальная пагроза яго новага арышту. Ён кажа, што вяртанне стане магчымым толькі ў выпадку вызвалення ўсіх палітвязняў, зняцця з іх судзімасцяў і поўнай рэабілітацыі.

Ад ліпеня Бандарэнка знаходзіўся ў Польшчы на лекаванні і планаваў вярнуцца на радзіму. Рашэнне пра невяртанне ён прыняў пасля арыштаў, звязаных з "цацачным дэсантам", і новага прысуду палітвязню Змітру Дашкевічу.

У планах Бандарэнкі — працягваць лекаванне і навучацца ў рамках праграмы Каліноўскага. Ён хоча прайсці двухгадовы курс паслядыпломнага навучання па спецыяльнасці "паліталогія". Прасіць палітычнага прытулку эмігрант пакуль не плануе.

Нагадаем, што Бандарэнку (давераную асобу кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава) схапілі 19 снежня 2010 года і асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. За кратамі ён перанёс цяжкую аперацыю на пазваночніку. На волю выйшаў у красавіку 2012 года пасля прашэння аб памілаванні.

Фота — belsat.eu