ЗША заступіліся за Мілінкевіча і мадэратараў сацсетак
На паседжанні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене выступіў Пастаянны прадстаўнік ЗША пры гэтай арганізацыі Іэн Кэлі.
Па яго словах, якія перадае interfax.by, ЗША занепакоены пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі ў сферы правоў чалавека і фундаментальных свабодаў. У прыватнасці, Амерыка расчараваная адмовамі ў рэгістрацыі 68 прэтэндэнтам у кандыдаты ў дэпутаты, у тым ліку лідару руху "За Свабоду" Аляксандру Мілінкевічу. Таксама заклапочанасць ЗША, кажа Кэлі, выклікала адмова беларускіх уладаў дапусціць прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
Асобна Кэлі згадаў затрыманні мадэратараў інтэрнэт-суполак у сацыяльных сетках. Па яго словах, затрыманні Паўла Еўціхіева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча і Алега Шрамука з'яўляюцца працягам пераследу свабоды выказванняў у Беларусі. ЗША заклікаюць Беларусь вызваліць арыштаваных Еўціхіева і Ткачова, а таксама зняць з іх усе абвінавачванні.
Таксама Кэлі ад імя сваёй краіны выказаў шкадаванне ў сувязі з рашэннем урада Беларусі выслаць амбасадара Швецыі і прымусіць Швецыю адклікаць увесь свой дыпламатычны персанал у Мінску.