Ryanair збіраецца лётаць у ЗША, квіткі ад 15 долараў
Ірландская кампанія мае намер арганізаваць палёты з 12-14 еўрапейскіх гарадоў у Бостан, Чыкага, Маямі, Нью-Ёрк, Вашынгтон і іншыя гарады.
Савет дырэктараў Ryanair ужо ўхваліў планы стварыць трансатлянтычную авіялінію. Гэта адбудзецца ў бліжэйшыя 4-5 гадоў у тым выпадку, калі ірландскаму перавозчыку ўдасца дамовіцца аб набыцці далёкамагістральных самалётаў у Boeing або Airbus. У новай авіялініі будзе іншы брэнд, адзначыў маркетынгавы дырэктар Ryanair Кені Джэйкабс, паведамляе Finacial Times.
Ryanair мае намер здзяйсняць палёты з 12-14 еўрапейскіх гарадоў у Бостан, Чыкага, Маямі, Нью-Ёрк, Вашынгтон і іншыя гарады ЗША. Чакаецца, што самыя танныя квіткі ў адзін канец (іх кампанія будзе субсідаваць) будуць каштаваць 10 фунтаў стэрлінгаў (амаль 15 долараў). Праўда, лік такіх месцаў будзе абмежаваны, і кошт астатніх квіткоў будзе перавышаць 99 фунтаў. Таксама Ryanair збіраецца прапаноўваць больш дарагія месцы падвышанай камфортнасці.
Ryanair — буйнейшая еўрапейская лаўкост-авіякампанія. Яна з'яўляецца адным з самых папулярных перавозчыкаў на кантыненце. Дагэтуль Ryanair не лётала за межы Еўропы.