Рыхтуецца кампанія салідарнасці з беларускімі журналістамі

Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ) гатова ініцыяваць кампанію салідарнасці з беларускімі калегамі.  Пра гэта 14 студзеня ў час пасяджэння Рады грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" заявіў намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Аляксандраў.

Ён распавёў, што ў часе візіту ў Брусель 12 студзеня ён сустракаўся з прадстаўнікамі МФЖ, з якімі гэтая тэма абмяркоўвалася. "МФЖ чакае ад нас прапановаў, у якой форме яны могуць правесці кампанію салідарнасці", — адзначыў Аляксандраў.

Першым крокам такой кампаніі можа стаць зварот рэдакцыяў газет і журналісцкіх арганізацыяў да сваіх урадаў з патрабаваннем заняць цвёрдую і прынцыповую пазіцыю ў часе абмеркавання "беларускага пытання" на нарадзе міністраў замежных справаў краінаў ЕС 31 студзеня, піша БелаПАН.