Рымская пракуратура арыштавала 23 мільёны еўра Банка Ватыкана
Упершыню ў гісторыі рымская пракуратура часова замарозіла грошы на адным з рахункаў Банка Ватыкана, а таксама ўзбудзіла справу ў адносінах да яго прэзідэнта Эторэ Гоці Тэдэскі. Яго падазраюць у парушэнні законаў аб празрыстасці руху капіталаў, паведамляе Белтэлерадыёкампанія. Арыштаваны 23 мільёны еўра сумніўнага паходжання. У суправаджальных дакументах не значылася, адкуль грашовыя сродкі прайшлі і каму прызначаліся. Улады Ватыкана выказалі крайняе здзіўленне і заявілі, што поўнасцю давяраюць Тэдэскі. Банк Ватыкана называюць адным з самых сакрэтных у свеце. Ніхто не ведае, наколькі вялікія яго актывы. Банк адкрывае рахункі толькі для вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы і юрыдычных асоб.