Са жніўня на беларускія таксафоны можна тэлефанаваць

“Таксафон звоніць, як звычайны тэлефон. У яго ёсць званок!” – Паведамілі “Еўрарадыё” у РУП “Белтэлеком”. РУП "Белтэлекам" запусціла ў Беларусі паслугу "Уваходная сувязь на таксафон". Цяпер “мінчукі могуць самі набраць з таксафона сваякоў, сяброў... і папрасіць іх ператэлефанаваць.

Людзі могуць дамовіцца, што ў вызначаны час нехта з іх падыйдзе да пэўнага таксафона і будуць чакаць тэлефанавання", – паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе, распаўсюджаным з нагоды з’яўлення новай паслугі.

“Гэтая паслуга ўведзена ў прамысловую эксплуатацыю са жніўня, – паведамілі “Еўрарадыё” у групе па інфармацыі і камунікацыі РУП “Белтэлеком”. – 133 таксафона – гэта толькі мінскія апараты, на якія можна тэлефанаваць. А ўвогуле яна працуе па ўсёй краіне і на ўсе таксафоны ў Беларусі цяпер можна тэлефанаваць”.

Пазнаць тэлефон, на які можна атрымаць уваходнае тэлефанаванне, не складана:

“На таксафонах інфармацыйныя налепачкі з нумарамі тэлефонаў і адрасамі апаратаў, на якія можна тэлефанаваць”.

Адрас і нумар таксафона можна ўдакладніць у даведкавым цэнтры абслугоўвання кліентаў РУП "Белтэлеком" па тэлефоне 130. Гэтыя звесткі ёсць і на сайтах філіялаў РУП “Белтэлеком”.

Аплачвае тэлефанаванні на таксафоны той, хто тэлефануе. Адна хвіліна размоў па горадзе каштуе каля 8 рублёў, у межах вобласці – 20 рублёў, у межах краіны – 41 рубель.

Фота - http://www.flickr.com