Сацыял-дэмакраты памяняюць лідэра партыі

На пасаду старшыні прэтэндуюць гісторык Анатоль Сідарэвіч і генерал Валеры Фралоў.  ХІІІ з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) мае адбыцца 10 кастрычніка. Некаторыя СМІ ўжо назвалі гэтую альтэрнатыву барацьбой паміж праэўрапейскім і прарасійскім крылом ў сацыял-дэмакратычнай партыі. Сам сп.Сідарэвіч абвяргае гэтую версію:

Сідарэвіч: "Тут пытанне не ў прабеларускім і не ў праеўрапейскім крыле. Тут пытанне так не стаіць! Проста рашылі зрабіць альтэрнатыўныя выбары - вось і ўсё. Тым больш, што таварыш Фралоў ня зняў сваю кандыдатуру, самаадвод не заявіў... А яшчэ ж да з'езду амаль два тыдні - хто ведае, што праз два тыдні можа адбыцца?"

Акрамя Фралова і Сідарэвіча на пасаду старшыні былі прапанаваныя кандыдатуры Валянціны Болбат, Ірыны Вештард і Мечаслава Грыба. Усе яны ўзялі самаадвод. Імя цяперашняга старшыні партыі Анатоля Ляўковіча ў якасці прэтэндэнта не называлася.

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму Сідарэвіч зрабіў публічную заяву пра выхад з партыі. Але, распавёў палітык Еўрарадыё, гэтая заява не была зафіксаваная ў партыйных органах. Таму, паводле Статуту партыі, ён працягвае заставацца сябрам БСДП (Грамада).