Салігорскія міліцыянты адстрэльваліся ад хуліганаў

Здарэнне адбылося ў ноч на 28 лістапада ў пасёлку Багданаўка Салігорскага раёна.
Як паведамляе БелаПАН, двое міліцыянтаў — прапаршчык і капітан — неслі службу ў грамадзянскай вопратцы. Пасля паўночы да іх падыйшлі шасцёра агрэсіўна настроеных п'яных хлопцаў, узброеных драўлянымі палкамі і металічнымі дубцамі.

На неаднаразовыя патрабаванні спыніцца невядомыя не рэагавалі і пагражалі міліцыянтам фізічнай расправай. Затым адзін са зламыснікаў стукнуў металічным дубцом прапаршчыка. Апошні зрабіў 8 папераджальных стрэлаў з пісталета Макарава. Аднак нападнікаў гэта не спыніла. Яны сталі збіваць міліцыянта, выхапілі ў яго табельную зброю. Капітан зрабіў 6 папераджальных стрэлаў угару, а затым, ацаніўшы становішча, двума прыцэльнымі стрэламі параніў нападніка ў жывот, прыціснуў яго да зямлі і забраў зброю. Тым часам да афіцэра міліцыі падбег яшчэ адзін нападнік і стукнуў палкай па спіне. Капітан параніў злачынца ў ногі. Пасля гэтага п'яная кампанія паспрабавала ўцячы.

На месцы здарэння міліцыянты затрымалі дваіх зламыснікаў. Яшчэ чацвёра былі затрыманыя па гарачых слядах. Двое параненых злачынцаў і прапаршчык міліцыі трапілі ў лякарню. Капітану міліцыі аказалі медыцынскую дапамогу без шпіталізацыі.