Салігорскія ўлады пазнаёміліся з мясцовымі маладафронтаўцамі
У салігорскай сярэдняй школе №4 6 снежня мясцовыя ўлады правялі паўтарагадзінную сустрэчу з маладафронтаўцамі. Дзяржслужбоўцы хацелі бліжэй пазнаёміцца з маладымі апазіцыянерамі, цікавіліся іх мэтамі і месцам далейшага навучання. Падчас гутаркі быў закрануты самы шырокі спектр тэм, пачынаючы з бульбянога пюрэ і скончваючы палітвязнямі.
Маладафронтаўскі бок на сустрэчы прадстаўлялі браты Іван і Ільля Шылы, Хрысціна Самойлава, Рыгор Астапеня і Андрусь Тычына, а таксама іх бацькі.
З дзяржаўнага боку былі начальнік аддзела па працы з моладдзю па Мінскай вобласці, другі сакратар БРСМ па Мінскай вобласці, начальнікі аддзелаў адукацыі і ідэалогіі Салігорскага райвыканкаму, начальнік аддзела па працы з моладдзю Салігорскага райвыканкаму, адказная па працы з моладдзю па Салігорскім раёне, інспектар міліцыі па справах непаўналетніх Салігорскага РАУС, а таксама дырэктары, сацыяльныя педагогі і класныя кіраўнікі тых школ, дзе навучаюцца актывісты.
Як адзначыў Іван Шыла, гэтая сустрэча не выглядала на дыялог:
- Не скажу, што гэта быў нейкі канструктыўны дыялог. Прадстаўнікі абласной улады, як яны самі заявілі, жадалі толькі пазнаёміцца. Цікавіліся мэтамі нашай дзейнасці, планамі адносна далейшага навучання. Жадання перавыхаваць нас у іх не было, але і зразумець нас яны асабліва не імкнуліся. Сцвярджалі, што наша дзейнасць незаконная, і пыталіся, ці мы пра гэта ведаем.
"Малады Фронт"