Самазвал Мінскага аўтазавода названы "Перспектывай года" ў Расіі

Аўтамабіль Мінскага аўтамабільнага заводу перамог на конкурсе "Найлепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі". Ён быў адзначаны ў намінацыі "Перспектыва года".   Як паведамляе БелаПАН, цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбылася ў канцы красавіка ў Маскве на міжнароднай выставе "КОМТРАНС 2008". Найменне "Перспектыва года" атрымаў цяжкі самазвал "МАЗ-6516А8-321".

Конкурс "Лепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расеі" праводзіцца ўжо ў сёмы раз. Гэта штогадовае некамерцыйнае мерапрыемства. Яго мэта — выявіць найлепшы камерцыйны аўтамабіль года ў Расіі ў некалькіх намінацыях. Журы конкурсу складаецца з журналістаў, якія рэгулярна асвятляюць у сваіх выданнях аўтатранспартную тэматыку.