Саннікаў і Міхалевіч падтрымалі заклік Мілінкевіча абвясціць дзень жалобы

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў і Алесь Міхалевіч падтрымалі заклік Аляксандра Мілінкевіча абвясціць Дзень нацыянальнай жалобы па ахвярах выбуху на прадпрыемстве "Пінскдрэў", паведамляе газета "Наша Ніва".

Нагадаем, што колькасць памерлых у выніку выбуху ў цэху прадпрыемства 25 кастрычніка павялічылася да 14 чалавек.

У заяве Андрэя Саннікава гаворыцца: "Выбух у Пінску і гібель людзей на фабрыцы "Пінскдрэў" — гэта трагедыя для ўсёй Беларусі. Хачу выказаць шчыра спачуванне родным і блізкім загінулых і пацярпелых падчас гэтага выбуху. Падтрымліваю заклік Аляксандра Мілінкевіча аб’явіць Дзень жалобы па ахвярам гэтай трагедыі".

У заяве Алесь Міхалевіч зазначыў: "Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі надаюць гэтаму здарэнню меней увагі, чым звычайнаму візіту лідэра расійскіх камуністаў Зюганава. Упэўнены, каб такое здарылася ў самой Расіі, то сп. Зюганаў быў бы адным з першых, хто б заклікаў абвясціць жалобу. Я далучаюся да Аляксандра Мілінкевіча і прашу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвясціць 2 лістапада днём нацыянальнай жалобы ў памяць аб загінулых".