Саннікаў: Лукашэнка не мае ніякага права балатавацца на пасаду прэзідэнта

Аляксандр Лукашэнка не мае ніякага права балатавацца на пасаду прэзідэнта, заявіў падчас сустрэчы з журналістамі 8 снежня Андрэй Саннікаў, перадае БелаПАН. "Ён парушыў усе законы, якія ёсць. Нават тое, што ён цяпер зрабіў — не прыйшоў падаць заяву аб рэгістрацыі, тое, што ён выкарыстоўвае нашы грошы, народныя, на сваю піяр-кампанію [Усебеларускі народны сход], гэта ў нармальнай дзяржаве разглядалася б як падстава для зняцця кандыдата ў прэзідэнты", — заявіў Саннікаў.

Паводле яго слоў, тое, што Цэнтральнай выбарчай камісіяй кіруе Лідзія Ярмошына, супраць якой дзейнічаюць міжнародныя санкцыі, з'яўляецца "здзекам над народам". Перад выбарамі яна сказала, што з'яўляецца членам каманды Лукашэнкі, нагадаў кандыдат.

Ён адзначыў, што цяпер нават АБСЕ вымушана была зрабіць заяву аб тым, што роўных умоў ва ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты для агітацыі няма.