Сапраўдны беларус — гэта той, хто можа з гумарам ставіцца да расіянаў

Беларусам патрэбны гумар, каб не з’ехаць з глузду, кажа культуролаг Максім Жбанкоў. А найбольш яркім прыкладам беларускага жарту называе тост: “Хлопцы, трымайце ўсходнюю мяжу, а заходнюю мы разбурым самі”
Чым адметны беларускі гумар? Які ён і якую грае ролю?

Я пачаў разважаць з нагоды гэтага пытання і раптам зразумеў, што пра асаблівасці беларускага гумару так вось шчыра нічога і не ведаю. Магчыма таму, што ён для мяне заўсёды існаваў як нешта такое невідавочнае, не праяўленае, патаемнае.

Натуральна, што былі там усялякія Несцеркі, Макаёнкі… Але для мяне найбольш выразным адлюстраваннем беларускага канцэпту гумару стала старая песняроўская песенька “як я ехаў да яе – брычка на рысорах, а прыехаў ад яе – хата на падпорах”. І вось для мяне акурат, як не дзіўна, гэта і ёсць нейкая формула беларускага гумару: калі сібірак Мулявін спявае па-беларуску пра няшчаснае жыццё, але робіць гэта з такім шчаслівым тварам, што нібыта і дрэнна, але адначасова добра.

Як мне падаецца, спецыфіка беларускага гумару – гэта, можа, перадусім, аўтаіронія з нагоды свайго няшчаснага, а насамрэч і зусім неблагога лёсу.

Якую характарыстыку можна даць беларускаму гумару: ён злы, саркастычны, добры, наіўны, сумны, хітры?

Ён проста вымушаны ў пэўным сэнсе. Беларускі гумар – гэта неабходны сродак для таго, каб не з’ехаць з глузду. Гэта ратаванне ад гэтага нягеглага лёсу, ад гэтай няшчаснай краіны, ад гэтага існавання на бясконцых ростанях Еўропы… У пэўным сэнсе застаецца толькі гумарыць, толькі смяяцца – ратаваць самога сябе ад свайго ўласнага абсурду.

Магчыма таму і існуе меркаванне, што толькі чалавек з пачуццём гумару можа жыць у Беларусі?

Ведаеце, мяне трохі непакоіць гэта фармулёўка – усе беларусы вымушаны смяяцца. Нейкі такі бясконцы нацыянальна свядомы “камедзі клаб”. Яны папросту вымушаны не ставіцца да саміх сябе сур’ёзна і да свайго жыцця таксама. Але не ставіцца сур’ёзна – гэта не значыць бясконца смяяцца ці жартаваць. Не ставіцца сур’ёзна – гэта значыць бачыць пэўную дыстанцыю паміж сваімі сістэмамі каштоўнасцяў і тым, што ёсць насамрэч. Я зноў кажу – гэта не смех, гэта не жарты. Гэта пэўная ступень аўтаіроніі. А аўтаіронія можа быць патаемнай, невідавочнай. Яна праяўляецца ў вельмі ціхіх партызанскіх формах – праз пэўныя акцэнты, ціхія інтанацыі…

Мне падаецца, што беларускі гумар – гэта вымушаная форма выжывання пад прэсам таго, чаго немагчыма пазбавіцца. Я не думаю, што большая частка беларусаў робіць гэта свядома. Хутчэй за ўсё гэта паўстае як нейкая інтуітыўная стратэгія існавання ў культуры, якая не разлічана на тое, каб цябе чуць.

Напэўна самая карыснае ў беларускім (і не толькі) гумары – гэта магчымасць свабоднага стаўлення да рэчаў: такая аператыўныя рэакцыя на нейкія канкрэтныя справы. Тыя самыя показкі, аператыўныя жарцікі – гэта хуткая псіхалагічная дапамога. І самае карыснае тут, што калі гэта адбываецца, то не патрабуе ні цэнзуры, ні ўзгаднення з нейкім кіраўніцтвам і г.д. Гэта сапраўды нейкі партызанскі экшн – раптам ёсць і раптам няма. Хуткараспушчальны беларускі партызанскі гумар.

Смех можа быць дазволеным і недазволеным. Які гумар у Беларусі дазволены, а які не?

Дазволены гумар – гэта часопіс “Вожык”. Ці былі ў свой час у Купалаўскім дазволеныя сатырычныя рэчы накшталт “Забыць Герастрата” і г.д. Дазволены гумар – гэта гумар ад якога не балюча, гэта гумар, які насамрэч нікога не кранае, гумар на ўзроўні танных блазнаў.
Наш дазволены гумар, гумар “у законе” як кажуць – гэта такое чыстае бессэнсоўнае га-га-га. Гэта найбольш прымітыўны ўзровень гумару, акурат тое, што нікога не кранае і таму можа быць пры кожнай уладзе. А калі пачынаюцца нейкія змястоўныя разважанні над сваім лёсам – гэта ўжо тое, што існуе па-за законам. Таму што пасля гэтых жарцікаў людзі пачынаюць думаць. А не трэба, каб яны думалі, няхай яны лепей смяюцца.

Мне блізка такое меркаванне, што смяюцца над тым, чаго насамрэч баяцца. Што не страшна, тое не смешна?

І так і не так. Можна смяяцца і тады, калі ты не пра што не думаеш альбо калі не жадаеш ні пра што думаць. Мяне як раз непакоіць больш за ўсё вось гэты чорны смех, за якім нічога няма. Ёсць смех, які мяне вабіць – гэта разумны, інтэлігентны смех, альбо, як бы сказаў мой прыяцель Акудовіч, метафізічны смех. А ў чорным смеху нічога няма. І гэта мяне вельмі палохае.

Гэта самая большая небяспека ў перспектыве беларускага смеху – калі ён цалкам ператворыцца ў чорны пусты смех.

Ну, вось напрыклад палітычныя жарты. Адкуль яны бяруцца? Чалавека непакоіць сітуацыя, яму страшна… І каб ужо зусім не зрабілася сумна ад гэтага ўсяго, ён пачынае жартаваць.

Натуральна, кожны жарт з’яўляецца не на пустым месцы. За ім заўсёды ёсць пэўная сітуацыя, якая цікавіць, непакоіць… Канешне, гэта так. Але з іншага боку палітычная сатыра і палітычны гумар існуе паўсюдна і заўсёды, таму што кожная ўлада не бездакорная. Іншая справа, што мне як раз сёння не хапае сапраўднага, якаснага беларускага палітычнага гумару. Таму што ён існуе на ўзроўні антывожыка. Уся гэтая “белжаба” і г.д. – гэта такія простыя штучкі, вельмі павярхоўныя рэчы… Як мне падаецца, мы дагэтуль не маем досведу трагічнага альбо драматычнага смеху.

Фактычна, на ўзроўні інтэлектуальнага жыцця мы зараз, дзякуй богу, маем сваю філасофію, сваю літаратуру. То бок ёсць пэўныя сродкі рэфлексіі над рэчаіснасцю. Але мы не маем адэкватнага фармату смеху. Ёсць постмадэрніст Хадановіч, ёсць прыкольны Прылуцкі. Але гэта толькі пачаткі сапраўднага беларускага смеху – па-за фальклорнага, па-за побытавага. Магчыма, самае смешнае, што напісалі пра беларусаў – гэта “Тутэйшыя”.

Магчыма гэта і павінна пачынацца з літаратуры. Каб літаратура дала прыклад, штуршок… Вось у нас ёсць Быкаў, але няма Гашэка. У нас ёсць Барадулін, а маладых літаратараў, якія жартуюць, няма?

Ведаеце, я, на жаль, не спецыяліст у маладой беларускай літаратуры. Але мне падаецца, цяпер проста часы іншыя. Сучасны беларускі літаратурны гумар – гэта ўсё ж такі рэха мінулых культурніцкіх сітуацый. Той самы Барадулін – гэта багемна-дэсідэнцкае асяроддзе 60-х. Хадановіч – гэта абсалютна перабудовачны гумар, татальны постмадэрнізм гарбачоўскіх часоў. Калі раптам атрымалася, што ўсё магчыма і за гэта нічога не будзе, можна казаць што заўгодна, ёсць шмат літаратуры ў перакладзе і мы зараз з усім гэтым будзем гуляцца. А той самы Прылуцкі, вось яго гумар мяне часам палохае.

Бо ён злы…

Так, ён злы, ён саркастычны. Прылуцкі – якраз тое, пра што я казаў. Гэта можа акурат пачатак сапраўднага беларускага канцэптуальнага гумару, дзе ёсць разуменне ўласнай жыццёвай сітуацыі, яе бесперспектыўнасці і адначасова абсалютнай далучанасці да гэтай зямлі, да гэтай мовы, гэтага лёсу. І альтэрнатывы няма. І штука ў тым, што і з гэтым жыць цяжка, і без гэтага жыць немагчыма. А што застаецца? Застаецца смяяцца. Гэта і ёсць найвышэйшы ўзровень сапраўднага гумару, калі смяешся над сабой, над сваёй краінай, над сваёй уладай. І ўсё роўна гэта любіш.

Вось вы кажаце, смяюцца над тым, чаго баяцца. А я скажу яшчэ іншае – смяюцца над тым, што любяць. Як бы гумар мог змяніць беларусаў? Як зменіцца Беларусь, калі паўстане сапраўдны ўласна беларускі гумар?

Добрае пытанне… Штука ў тым, што гумар – нейкая эмацыйная залежнасць ад сітуацыі і ў той жа час магчымасць пэўнай дыстанцыі. Гэта падстава да рэфлексіі. А рэфлексія ў сваю чаргу – падстава да незалежнага бачання сітуацыі. Калі мы рэфлексуем над сітуацыяй, спрабуем яе адсочваць без непасрэднай ад яе залежнасці, мы фактычна ўздымаемся над сітуацыяй, бачым яе па-іншаму. Інакш кажучы, беларускі гумар, які цяпер паўстае на нашых вачах – неабходная ўмова для інтэлектуальнай незалежнасці нацыі. Калі гэта будзе, усё будзе добра.

Чым беларускі гумар адрозніваецца ад расійскага? Ці патрэбны беларусам свой уласны гумар, магчыма, дастаткова расійскага? Ён жа ідзе на “ўра” – “Наша раша”, “Пражэктарпэрысхілтан” і г.д…

Наш нацыянальны беларускі гумар яшчэ не зрабіўся нейкім элементам ці фарматам культур-індустрыі. Вось у Расіі гэта ўсё пастаўлена на вельмі моцныя рэйкі, там ёсць канвеер. Там ёсць абсалютна дакладная, пэўная эліта шоўменаў. Там ёсць вельмі моцная сістэма прамоцыі такіх праграм і г.д. Інакш кажучы, там гэта ўсё раскручана, добра разрэкламавана. У нас такога няма. Тое, што ў нас ёсць – гэта фактычна адбіткі расійскіх варыянтаў. У іх “Камедзі клаб”, у нас будзе “Камедзі клаб”. У іх “Наша Раша”, у нас будзе “Наша Белараша”. Рэч у тым, што гэта не адбудоўвае беларускай прасторы гумару.

Але чаму гэта працуе? Чаму расійскі гумар у нас запатрабаны і цікавы?

Таму што мы ўсе, прабачце, з той самай савецкай каланіяльнай культуры і выйшлі. Яна і зараз у нас прысутнічае, нікуды ад гэтага не падзецца. Таму прымальна, таму пазнавальна, таму цікава. Я б сказаў, што ў кантэксце нашай сітуацыі сапраўдны беларус – той, хто можа з гумарам ставіцца да расіянаў. Не да Захаду, а менавіта да расіянаў. Той, хто бачыць гэтую дыстанцыю.

Мой сябра Алесь Анціпенка заўсёды пасля 3-й шклянкі кажа цудоўны тост: “Хлопцы, трымайце ўсходнюю мяжу, а заходнюю мы разбурым самі”. Мне падаецца, гэта найбольш яскравыя праявы актуальнага беларускага гумару, які ў дадзеным выпадку абсалютна дакладна спалучаны з пэўным узроўнем нацыянальнай свядомасці.

Гумар – гэта, як я ўжо казаў, незалежнасць. Незалежнасць ад сітуацыі, ад ідэалогіі – магчымасць свабоды. Няхай нават толькі на той час, пакуль гучыць жарцік.

Беларусы ўмеюць смяяцца над сабой? Можа нам акурат не хапае самаіроніі? Вы неяк сказалі, што з гумарам у беларусаў будзе ўсё добра, калі нарэшце наш прэзідэнт здолее пасмяяцца з самога сябе. З таго часу як вы гэта казалі прайшло два гады. Штосьці змянілася?

Я веру ў заклапочанасць прэзідэнта: ён такі сур’ёзны, такі напружаны, ён вельмі адказны. Ён сапраўды вельмі адказны. Ён адказвае за ўсё адразу, а гэта неверагодна цяжкая праца. А калі жыццё няпростае, то тут не да смеху. Калі чалавек на працягу пэўнага часу займае пэўную пасаду, ён потым сябе ўжо ад яе не дыстанцыруе. Ён фактычна робіцца чымсьці адзіным з гэтай пасадай. Гэта прэзідэнтАляксандрРыгоравіч – у адно слова. А пасада смяяцца не можа. Гэта не яе місія. Пасада мусіць існаваць і эфектыўна функцыянаваць. Таму ён закладнік сваёй пасады.

Чэмпіёнамі КВЗ неяк была беларуская каманда. Ці значыць гэта, што ў нас не ўсё так і дрэнна з гумарам?

Тое, што беларусы перамаглі ў пэўны момант як раз адпавядае той партызанскай тактыцы, пра якую шмат хто ўжо пісаў і казаў. аўстае пэўная сістэма мімікрыі, калі нейкая каманда патрапляе ў сітуацыю, якая вымушае падладжвацца пад яе, гуляць у гульню супраціўніка.
Беларусы вельмі дасведчаныя ў гульні “у свайго”. Дарэчы, гэта мы можам бачыць і ў палітыцы. Спачатку гуляюць у свайго з расіянамі, потым пачынаюць гуляць у свайго з Захадам і г.д. І ў такіх маніпуляцыях, здольнасці хавацца і прыстасоўвацца і ёсць, магчыма, найбольшая іронія беларускага лёсу. Таму што мы шукаем сябе, але самі сябе не пазнаем і не вельмі бачым за гэтымі ўсімі маніпуляцыямі з іншай мовай з іншымі культурнымі кодамі.

На гумар якіх краін падобны беларускі гумар?

Хутчэй за ўсё, гэта гумар “паміж”. Гумар на мяжы дазволенага і недазволенага, на мяжы культур, моў. Гэта гумар недааформленнай нацыі, якая гумарыць, таму што пакуль не валодае сапраўды якаснымі методыкамі сур’ёзнага, драматычнага дыскурсу. Пакуль жарцікі. Як дзіця, якое пачынае з гульняў, а потым робіцца альбо не робіцца чымсьці сур’ёзным. Тое самае і тут. Гумар – гэта яшчэ і пачатак нацыянальнай свядомасці, гэта яшчэ першыя спробы асэнсавання сябе.