Сайты беларускіх выканкамаў рускамоўныя па загадзе Лукашэнкі? (дакумент)

Сябра рады руху “За Свабоду” Алесь Зарэмбюк атрымаў адказ на свой зварот аб распрацоўцы беларускамоўнай версіі афіцыйнага сайта Мастоўскага райвыканкама.

У адказе старшыня Мастоўскага райвыканкама Аляксей Шафарэвіч паведамляе, што асноўнай мовай сайту і далей будзе руская. Абгрунтоўвае гэта чыноўнік тым, што змест сайтаў іншых райвыканкамаў Гарадзеншчыны з'яўляецца рускамоўным.
Таксама, паводле старшыні райвыканкама, падаванне інфармацыі на рускай мове адпавядае патрабаванням Указу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 754 "Аб афіцыйным Інтэрнэт-партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Паводле гэтага ўказу інфармацыя на афіцыйнай старонцы прэзідэнта размяшчаецца на рускай (або) беларускай, ангельскай мовах. Якое дачыненне сайт Мастоўскага райвыканкама мае  да афіцыйнай старонкі Аляксандра Лукашэнкі, мастоўскі чыноўнік не паведаміў.