“Сцяўа” абыграў “БАТЭ” з лікам 100 тысяч на 5 тысяч еўра

Пасля перамогі кожны румынскі футбаліст атрымаў прыкладна столькі ж, колькі павінен быў пакласці ў кішэню ўсе гульцы “БАТЭ” Перад матчам бухарэсцкага “Сцяўа” з барысаўскім БАТЭ ўладальнік румынскага клуба аб’явіў, што ў выпадку перамогі кожны футбаліст атрымае па 100 тысяч еўра прэміі.
Анатоль Капскі, уладальнік барысаўскага клуба “БАТЭ”, расказаў Еўрарадыё, што ў выпадку перамогі над румынамі беларускія футбалісты атрымалі б 100 тысяч еўра на ўсю каманду. Гэта прыкладна па 5 тысяч на кожнага гульца каманды:

“Гэта 50% ад грошай, якія атрымаў бы клуб за выхад у Вышэйшую лігу. А так у нашай каманды прэміі за гульню ў першым і другім раўндах у тры разы вышэй за тыя, якія даюцца за беларускі чэмпіянат. У гэтым канкрэтным матчы планавалася прэмія 100 тысяч еўра на каманду”.

Канешне ж, прэміі і заробкі айчынных футбалістаў і замежных нельга параўноўваць. Усё ж такі футбол як гульня і як заробак у нас і на Захадзе адрозніваецца. Еўрарадыё вырашыла дазнацца, якія прэміі атрымліваюць беларускія спартоўцы.

Больш за ўсіх атрымліваюць прэміяльныя алімпійскія чэмпіёны. У Пекіне пераможцы алімпіяды пакладуць у кішэні грашовыя прэміі ад дзяржавы. Акрамя таго, як паведаміў прэсавы сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Пётр Рабухін, спецыяльна для іх будзе пабудаваны дом. 20 кватэр будуць падарункамі:

“За залаты медаль – 100 тысяч долараў, за срэбраны – 60 тысяч, а за бронзавы – 30. НАК зараз будуе жылы дом, прычым пры долевым удзеле адной будаўнічай фірмы. З нашага боку, згодна з кантрактам, была ўмова: 20 кватэр для Алімпійскага камітэта яны перадаюць бясплатна. Кватэры пойдуць чэмпіёнам і прызёрам Алімпійскіх гульняў, каму канкрэтна – будзе вырашаць выканкам НАК”.

У футбалістаў прэміі меншыя. Калі моладзевая каманда Беларусі па футболе здолела выйсці ў плэй-оф чэмпіяната Еўропы, прэміяльныя для каманды былі вельмі неблагія. Гаворыць былы настаўнік нацыянальнай зборнай па футболе Юры Пунтус:

“Улічваючы малады ўзрост гэтых хлопчыкаў, за выхад у фінал сума склала 125 тысяч долараў на каманду”.

Можна прыкладна палічыць, што кожны з маладых футбалістаў атрымаў не больш за 4 тысячы долараў.

Юры Іосіфавіч расказаў Еўрарадыё, што ва ўнутраным беларускім чэмпіянаце сумы прэміяльных вырашаюцца канкрэтна перад матчам, падчас размовы паміж трэнерам і ўладальнікам клуба. У футбольным клубе “МТЗ-РІПА”, трэнерам якога зараз і з’яўляецца спадар Пунтус, прэмія футбаліста наўпрост звязаная з вынікамі матчаў:

“Я стэлефаноўваюся з прэзідэнтам клуба: маё меркаванне, ягонае – і вырастае сума прэміяльных на кожнага. Ёсць футбалісты, якія “адыгралі на 100% прэміі, астатнія - у залежнасці ад свайго ўнёску ў перамогу каманды. Калі гаварыць пра чэмпіянат Беларусі, у кожнага клуба свае прынцыпы. Мы маем, напэўна, самы жорсткі. Са старту кожны гулец мае прэмію 300 долараў. Кожная выйгрышная гульня – плюс 100 долараў, як прайграў – ізноў апускаешся ў падвал”.

У 1982 годзе мінская каманда “Дынама” ўпершыню выйграла чэмпіянат СССР па футболе. Канешне, гэта была іншая краіна і іншы час. Але Юры Пудышаў, капітан тагачасных чэмпіёнаў, паведаміў Еўрарадыё, што за кожны пераможны матч футбалісты атрымлівалі фіксаваныя грошы, якіх хапала прыкладна на 10 бутэлек шампанскага. А за перамогу ў чэмпіянаце СССР гульцам далі ажно на скрыню “шыпучкі”:

“За перамогу падарылі нам гумкі і алоўкі, а таксама стрэльбы, толькі цацачныя, прычым я адразу зламаў сваю. Па 200 рублёў далі. На шляху да чэмпіянату давалі заўсёды па 60 рублёў, з вылікам, такім чынам атрымлівалася па 50. Хапала, карацей, на 10 бутэлек шампанскага. А так – за любоў да футболу і народ гулялі мы”.

Атрымліваецца, што з 1982 года стаўленне да футбалістаў у нашай краіне ніяк не змянілася. Калі на Захадзе гульня ў футбол – гэта заробак на любімай справе, то ў Беларусі, як і раней, гуляюць за любоў да гульні ці дзеля гонару роднага клуба.