С.Дубавец: У Беларусі адбываецца дэвальвацыя прафесіі журналіст

У інтэрв’ю Еўрарадыё вядомы журналіст і пісьменнік Сяргей Дубавец паразважаў над станам беларускай прэсы, падзяліўся сакрэтам, як павялічыць наклад “Нашай нівы” да 100 тысяч, і выказаў меркаванне, ці павінныя незалежныя СМІ крытыкаваць апазіцыю. ЕРБ: Дзве незалежныя газеты “Наша ніва” і “Народная воля” свабодна прадаюцца ў шапіках. Як вы паставіліся да іх вяртання? Ведаю, не ўсе адназначна ўспрынялі такую магчымасць.

С.Дубавец: Я паставіўся абсалютна адназначна. Станоўча. Гэта ж выдатна, калі газета, якая нясе пэўныя ідэі, якія табе блізкія, можа вольна пашырацца. У Беларусі.

ЕРБ: А які ідэальны наклад павінен быць у газеты? Ці ёсць увогуле паняцце ідэальнага накладу?


С.Дубавец: У Беларусі не, калі браць грамадска-палітычную прэсу. Таму што не паспеў сфармавацца рынак такой прэсы у адрозненні ад рэкламных публікатак і гэтак далей. Я прапаноўваў такую ідэю, але яна, зразумела, утапічная. “Наша ніва” вярнулася ў шапікі і падпіску. Колькі ў Беларусі ёсць аб’яднанай апазіцыі? На ўскідку. Я не ведаю. 5 тысяч?... Калі ўсіх браць… Відаць болей. 50 тысяч? 100 тысяч? Чаму б вось гэтым 100 тысячам не выпісаць газету, якая вярнулася ў падпіску. Калі б давялі гэты наклад да 100 тысяч, мелі б інструмент фармавання грамадскай думкі. Чаму гэта не зрабіць? Для мяне загадка.

ЕРБ: А можа самі газеты не гатовыя фармаваць грамадскую думку?


С.Дубавец: Калі ставіцца такая задача, калі ёсць такая цікавасць, можна ўсім светам, як кажуць, наваліцца не толькі на падпісчыка, але і на газету. Хоць ідэальны сродак паляпшэння газеты – гэта, безумоўна, канкурэнцыя ў сваім полі. У нас няма другой “Нашай нівы”, якая б магла шляхам канкурэнцыі адна адну падштурхоўваць да больш высокага ўзроўню. Трэба шукаць іншыя сродкі. Урэшце, калі газета пераходзіць бар’ер 20 тысяч, 30 тысяч — яна выходзіць як бы на высокае паветра, дзе ўжо вецер моцны. Яна адчувае, куды што дзьме, што хіліць, што ад яе патрабуюць.

ЕРБ: Як вы паставіліся да пераходу “Нашай нівы” на афіцыйны правапіс?

С.Дубавец: Зразумела, што правапіс класічны на сёння мае нішу элітарнага правапісу. Было б дзіўна, калі б на наркамаўку перайшло якое-небудзь “ARCHE”. Паўстала б пытанне: “Навошта?” Калі выданне з’яўляецца інтэлектуальнай лабараторыяй ці пазіцыянуе сябе як інтэлектуальную лабараторыю — гэта адна рэч. Калі выданне хоча, каб яго чытала нейкая цёця Зіна з Бешанковіч і знаходзіла для сябе нешта цікавае — навошта адгароджвацца бар’ерамі? Задача газеты — прыйсці да звычайных паспалітых беларускіх людзей. Гэта лагічны крок.

ЕРБ: А як вы ўвогуле ацэньваеце стан беларускай журналістыкі? Што і каго вы чытаеце з беларускай прэсы?

С.Дубавец:
Мяне вельмі не задавальняе менавіта прафесійны ўзровень як афіцыйнай журналістыкі, так і неафіцыйнай. Я бачу яшчэ не поўную, але пэўную дэвальвацыю прафесіі. Мяне гэта засмучае, таму што я бачу, як гэта можна зрабіць і як гэта робіцца. Гэта выданні прафесійна невысокага ўзроўню. Ёсць прафесійныя журналісты, якія, на жаль, не фармуюць гэтыя выданні, іх аблічча. Але выступаюць у якасці аўтараў, іх я чытаю.

ЕРБ: А з чым звязаны нізкі прафесійны ўзровень выданняў?

С.Дубавец: Гэта звязана з дэвальвацыяй прафесіі рэдактар. У Беларусі, у прынцыпе, прафесія рэдактара — яна абсалютна спрафанаваная на сённяшні дзень. Гэта можна зразумець тым, што, магчыма, афіцыйная прэса — ўся прапагандысцкая. Незалежная прэса люстрана вымушана таксама паўтараць прапагандысцкія хады, трымацца нейкай антыідэалогіі. Нейкая трэцяя журналістыка можа неяк ёрнічаць і займацца імітацыяй журналістыкі. Няма рэдактара. Прафесія рэдактара палягае ў фармаванні акцэнтаў выдання. А гэта вельмі тонкая работа. У задачу рэдактара ўваходзіць фармаванне выдання — з тэкстаў, аўтараў, з нейкіх натхненняў, павеваў, з умення адчуваць сённяшні дзень… Гэта маса, маса, маса навыкаў. У нас цяпер як? Вось ты будзеш рэдактар. Я рэдактар. Рэдактар кнігі Іваноў, а Іваноў не мае ніякага дачынення да прафесіі. У выніку і кніга такая. Яна развальваецца, яна нічым унутрана не праматываваная, нішто ў ёй не звязана.

ЕРБ: Можа ў вас ёсць ідэя зрабіць свой праект?

С.Дубавец: Зразумела, ідэяў шмат, і хочацца знайсці з іх самую лепшую, тады і прыступіць да яе ажыццяўлення. Ідэяў шмат і жадання шмат, і нішаў шмат.

ЕРБ: Недзяржаўныя газеты павінны крытыкаваць апазіцыйных палітыкаў?


С.Дубавец:
Па-мойму, нашы недзяржаўныя газеты гэта і робяць.

ЕРБ: А ці варта гэта рабіць, палітыкам і так дастаецца ад уладаў?


С.Дубавец:
Нашы бедныя, няшчасныя апазіцыйныя палітыкі… На жаль, наша сістэма палітычная яшчэ не дасягнула такога ўзроўню, каб палітыкі перасталі мысліць сябе канкурэнтамі журналістыкі. Крыўдуюць на гэтыя газеты, на гэтых журналістаў. Той не так напісаў, гэты не так трактаваў. Гэта правакуе і журналістаў разглядаць сябе нейкімі суб’ектамі палітычнай сцэны. Хоць гэта не іх прафесія. На маю думку, любая крытыка палітыкаў, калі яна абгрунтаваная, пераканаўчая, успрынятая, каля на яе няма абвяржэннем іншай думкі — яна, безумоўна, толькі на карысць. Журналісты абсалютна перажываюць за сітуацыю ў краіне, абсалютна зацікаўленыя ўсім сэрцам і душой, каб нейкім чынам паправіць гэтую сітуацыю. Калі апазіцыя цікавая журналістам нават з крытычнага гледзішча — гэта вялікі плюс для апазіцыі.

Фота: naviny.by