Севярын: Правы чалавека сталі ў Жэневе прадметам палітычнай здзелкі

"Правы чалавека сталі ў Жэневе прадметам палітычнай здзелкі" — такую заяву 19 чэрвеня зрабіў былы спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Севярын, каментуючы вынікі пятай сесіі Савета ААН па правах чалавека.
Напярэдадні савет не працягнуў мандаты спецдакладчыкаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і на Кубе.

"Гэта факт, што для большасці членаў савета, якія таксама маюць праблемы з выкананнем правоў чалавека, інтарэсы дзяржавы пераважаюць над інтарэсамі людзей, — сказаў А.Севярын. — Для такіх дзяржаў правы чалавека становяцца прадметам палітычнай здзелкі".

Ён адзначыў, што не здзіўлены такім рашэннем савета. "Ахвяраваўшы Беларуссю і Кубай, члены савета змаглі дасягнуць кампрамісу па далейшай рабоце савета", — сказаў Севярын.

Пры гэтым ён адзначыў, што зробленыя ім высновы аб сітуацыі ў Беларусі і рэкамендацыі прыбраць са справаздачы немагчыма. "Савет павінен мець справу з маімі ацэнкамі, высновамі і рэкамендацыямі.

Без новага даклада няўрадавыя арганізацыі, краіны - члены савета, іншыя спецдакладчыкі і ўсе тыя, хто абараняе правы чалавека, будуць выкарыстоўваць падрыхтаваную мной справаздачу.

Пакуль новы даклад не абвергне мае высновы і рэкамендацыі, яны застаюцца сапраўднымі", - заявіў Севярын.

Пры гэтым ён назваў малаверагоднай магчымасць прызначэння новага спецдакладчыка па Беларусі ў найбліжэйшы час.

"Магчыма, канешне, што тыя краіны, якія дабіваліся спынення дзеяння майго мандата, вырашаць прызначыць новага дакладчыка ў надзеі, што ён можа прадставіць прама супрацьлеглы даклад, але я не думаю, што гэта адбудзецца", — лічыць Севярын.

Былы спецдакладчык таксама адзначыў, што яго абвінавачвалі ў закліках да змянення палітычнай сістэмы ў Беларусі.

"Я не заклікаў мяняць беларускі рэжым, — сказаў А.Севярын. — Я толькі падкрэсліў, што дыктатарскі або аўтарытарны рэжым не можа паважаць і прасоўваць правы чалавека.

Ад такога рэжыму нельга патрабаваць свабоды для прэсы або вызвалення палітзняволеных, можна толькі прасіць.

Перамовы з такім рэжымам ператвараюцца ў гандаль".

Севярын адзначыў, што надалей ён, магчыма, працягне сваю работу ў структуры ААН, калі будзе зроблена такая прапанова.

"За час выканання свайго мандата я адхіліў некалькі прапаноў аб супрацоўніцтве, зробленых няўрадавымі арганізацыямі, якія заклапочаны выкананнем правоў чалавека ў Беларусі, таму што хацеў застацца аб'ектыўным і непрадузятым, — сказаў Севярын. — Магчыма, зараз я прыму іх прапановы".

БелаПАН