Шаркоўшчынскую скрыпку Страдывары прызналі падробкай

Скрыпка, якую ўвосень мінулага года знайшлі ў вёсцы Гарадзец Шаркоўшчынскага раёна, аказалася звычайным мануфактурным вырабам пачатку ХХ стагоддзя, а не інструментам славутага майстра, паведамляе “Рэспубліка”.
Нагадаем, на скрыпцы стаяў надпіс “Antonius Stradiuarius 1723”. Як адзначыў эксперт па струнна-смычковых інструментах пры Міністэрстве культуры Беларусі Ўладзімір Хазанаў, дастаткова было аднаго погляду, каб зразумець, што гэта не Страдывары.

Тым часам яшчэ адну скрыпку за подпісам вялікага майстра знайшлі ў Брэсце. На інструменце няма струн, затое выразна бачны мальтыйскі крыж, ініцыялы А.S. у двайным крузе (фірмовае таўро Страдывары) і надпіс “Antonius Stradiuarius”. Уладальнік скрыпкі кажа, што яго дзед купіў яе ў аднаго пана. Ён ужо звяртаўся да Ўладзіміра Хазанава. На думку эксперта, гэты інструмент з імем Страдывары нічога агульнага не мае.