Шэймана адпраўляюць у адстаўку

Аляксандр Лукашэнка папрасіў дзяржсакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана напісаць заяву аб звальненні. Пра гэта паведамляе сайт “Белорусский партизан”.
Шараговыя супрацоўнікі Савета бяспекі гавораць, што прэзідэнт раззлаваўся пасля таго, як прыехаў на працу ў суботу, але Шэймана там не застаў.

Літаральна праз пару дзён у ведамстве загаварылі пра адстаўку дзяржсакратара.

Дарэчы, у канцы мінулага тыдня яго пазбавілі асабістай аховы, якой ён карыстаўся на працягу апошніх пяці гадоў, нягледзячы на тое, што па статусе яна яму не належыць.

Сёння людзі з бліжэйшага асяроддзя дзяржсакратара ўзгадваюць, што як толькі сітуацыя для Шэймана станавілася крытычнай, ён пагражаў Лукашэнку, што калі той яго звольніць, ён без роздумаў пусціць сабе кулю ў лоб.

Па неафіцыйнай інфармацыі, Віктара Шэймана адправяць амбасадарам Беларусі ў Венесуэлу.

Нагадаем, Еўрасаюз і ЗША абвінавачваюць Шэймана ў арганізацыі знікненняў лідэраў беларускай апазіцыі.