Школьнікі ў Барысаве хадзілі на прыём да мэра, каб бараніць сваю школу

Вучні школы №1 г. Барысава хадзілі на прыём да мэра, з просьбай не закрываць іх школу.
Дырэктар першай школы Міхаіл Пучыла да паходу дзяцей паставіўся досыць скептычна: “Не, не, гэта пустое. Ну а які вынік? Нашу школу ўтрымліваць невыгадна. У нас зусім мала дзяцей. Гэта ж нічога не здарылася так, што вырашылі закрываць. А размова пра гэта ідзе гадоў дзесяць. Даўно ўжо забаранілі набіраць першыя класы. І паціху сышлі на нічога. Так што тут нічога надзвычайнага не здарылася, мы да гэтага былі гатовы”.

Дзеці баяліся, што іх размяркуюць па іншых школах горада. Але размовай у выканкаме засталіся задаволеныя. Пра гутарку з мэрам Уладзімірам Мірановічам распавядае вучаніца 9 класа Карына Сіжук: “Цяпер усё нармальна, нашу школу пераносяць у другую гімназію разам з нашымі настаўнікамі і вучнямі. Ён адказаў, што школу невыгадна трымаць, таму што мала вучняў і пры школе будзе нейкі музей, спартыўная школа і дом юнацкай творчасці”.
 
Цяпер дзеці не баяцца закрыцця школы, бо яны застануцца вучыцца амаль у тых жа умовах.