Школьны ранец можа быць небяспечным для здароўя

Нямецкіх бацькоў папярэдзілі пра тое, што ў партфелях і ў канцтаварах, з якімі іх дзеці ходзяць у школу, могуць быць шкодныя рэчывы. Гаворка ідзе пра стрыжні, каляровыя алоўкі, фарбы, гумкі, лінейкі і да т.п. "Арганізм дзіцяці значна больш успрымальны да ўтрымання хімічных элементаў", — заявіў 28 ліпеня прадстаўнік Нямецкага таварыства тэхнагляду Гюнтэр Бір (Gunther Bier).

Пры закупцы канцтавараў эксперты рэкамендуюць аддаваць перавагу прадуктам, на якіх ёсць знак якасці або праверкі, напрыклад, таўро "PROOF" або "LGA tested", а на ўпакоўцы падаецца адрас вытворцы. Пра павышанае ўтрыманне хімікатаў можа сведчыць рэзкі пах. Асабліва гэта тычыцца канцтавараў вельмі яркіх колераў, у тым ліку школьных ранцаў.   

Дзеці часта грызуць асадку ці аловак, таму варта набываць іх з адзнакай DIN EN 71, якая сведчыць пра захаванне нормаў Еўрасаюза. Пры куплі гумкі варта аддаваць перавагу гумцы з натуральнага каўчуку.  

Дарэчы, аналіз паказаў, што поўны набор неабходных для вучобы прадметаў у Нямеччыне каштуе 155 еўра (летась ён каштаваў 120 еўра). У Францыі сабраны партфель абыйдзецца бацькам у 130 еўра, а ў Вялікабрытаніі — у 153 еўра.

 

Паводле ЕС/dpa/epd