Школы і каледжы Бабруйска гандлююць квіткамі для Лядовага палаца

Чэмпіянат свету па хакею сярод юніёраў пройдзе ў Бабруйску з 13 па 23 красавіка, але квіткі можна набыць ужо цяпер. Цікава, што па бабруйскай традыцыі распаўсюджваннем квіткоў займаюцца навучальныя ўстановы і прадпрыемствы горада, хоць афіцыйна гэта і замоўчваецца. У школах вывешваюцца спісы дзяцей з раскладам хакейных матчаў, размяркоўваюцца класы і час наведвання “Бабруйск-Арэны”. Дзеці ў “дабраахвотна-прымусовым” парадку здаюць грошы завучу, які нясе іх у бухгалтэрыю Лядовага палаца і там атрымлівае квіткі на матч.

Як распавяла студэнтка аднаго з каледжаў Бабруйска, у іх навучальнай установе схема крыху іншая — квіткі ў намеснікаў дырэктара часцей за ўсё ўжо ёсць на руках, а распаўсюдам займаюцца майстры вытворчага навучання, куратары груп і навучэнцы, калі яны самі не хочуць іх набываць.

"Да нас прыходзіць майстар групы і раздае пэўную колькасць квіткоў. Калі ты не хочаш ісці на матч — можаш прадаць квіткі знаёмым ці сябрам, — распавядае дзяўчына. — Квіток каштуе 5000. Большасць не хоча набываць квіткі, але нас ніхто не пытае. Так жа прадаюць латарэю, квіткі на розныя канцэрты і г.д.”.

Дырэктар “Бабруйск-Арэны” Аляксандр Жаваранак паведаміў Еўрарадыё, што нічога не ведае пра прымусовы продаж квіткоў, але з гонарам зазначыў, што квіткоў на ЧС-2010 прадалі ўжо больш за 20 000.