Шпілеўскі: Па заканчэнні сезона Глеб вернецца ў “Барселону”

Аляксандр Глеб можа неўзабаве вярнуцца назад у “Барселону”. Паводле іспанскіх СМІ, гульнёй беларуса не задаволеныя ў "Штутгарце". Нагадаем, Глеб па-ранейшаму лічыцца футбалістам іспанскага клуба, а ў Нямеччыне гуляе на правах арэнды. "Мы таксама даведваемся гэта праз СМІ. Таму я не магу сказаць нешта, — пракаментаваў Еўрарадыё менеджар Глеба Мікалай Шпілеўскі. — Але зараз Глеб настолькі неабходны "Штутгарту", я не думаю, што гэта рэальна. Я ў гэтым не бачу ніякай логікі. Тое, што Глеб па заканчэнні сезона вяртаецца ў стан "Барселоны", гэта я вам магу пацвердзіць".

Раней гульнёй Глеба быў не задаволены трэнерскі штаб нямецкай каманды, дый сам Аляксандр. Але апошнія дзве гульні ўсё змянілі. "Штутгарт" выйграў два разы запар і падняўся на 12-е месца. Таму, па словах Шпілеўскага, Глеб цяпер незаменны.

Шпілеўскі: "Апошнія дзве гульні былі выйгрышныя, і ён унёс сваю лепту ў гэта. Таму мы з аптымізмам глядзім наперад. Сітуацыя развіваецца станоўча і ўсе ім задаволеныя. Хаця 3-4 тыдні таму ўсё магло быць па-іншаму".