Швецыя плануе дэпартаваць 80 тысяч мігрантаў
Улады Швецыі хочуць дэпартаваць каля 80 тысяч асоб, якія прэтэндавалі на статус бежанца, але якім было адмоўлена. Пра такія планы паведаміў міністр унутраных спраў Швецыі Андэрс Ігеман.
Па яго словах, якія перадае BBC, для дэпартацыі будуць зафрахтаваныя чартарныя авіярэйсы. На гэтую аперацыю спатрэбіцца некалькі гадоў.
Дарэчы, у 2015 годзе прытулку ў Швецыі папрасілі 163 тысячы чалавек. Ужо было разгледжана 58 800 прашэнняў, і 55% з іх былі ўхваленыя.
На пачатку студзеня Швецыя ўвяла часовую праверку дакументаў на мяжы з Даніяй. Зараз усе, хто прыбывае ў Швецыю на аўтобусах, цягніках і судах з поўдня, не змогуць трапіць у краіну без адпаведных дазволаў.
Шэраг чальцоў урада мяркуе, што вялікі прыток людзей за кароткі час можа ўяўляць пагрозу для нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку. Праваабаронцы, са свайго боку, асцерагаюцца, што Стакгольм становіцца глухі да чаканняў бежанцаў.