Шведскі дыпламат гандляваў кантрабанднымі беларускімі калготкамі

Высокапастаўленага шведскага дыпламата ў Расіі Андрэса Марціна Форса абвінавацілі ў кантрабандным гандлі беларускімі калготкамі.
Як перадаў тэлеканал НТВ, першы сакратар гандлёва-эканамічнага аддзела амбасады Швецыі ў Расіі сам ездзіў у Беларусь, дзе купляў недарагую панчошна-шкарпэткавую прадукцыю, якую здаваў на рэалізацыю ў расійскія крамы.

Тэлеканал паказаў відэазапіс, на якім відаць, як замежнік разгружае скрынкі са службовага аўтамабіля і здае тавар у краму. Дзякуючы сваёй дыпламатычнай недатыкальнасці Форсу ўдавалася пазбягаць праверак на мяжы і выплаты адпаведных пошлін.

Дыпламатычны статус не дазволіў затрымаць яго, аднак матэрыялы расследавання перадалі ў МЗС Расіі. У выніку шведскі бок прыняў рашэнне адклікаць Форса.