Сідорскі: 2010 год будзе няпростым для беларускай эканомікі

2010 год будзе няпростым для беларускай эканомікі. Урад знаходзіцца ў чаканні таго, якім чынам будуць развівацца гандлёва-эканамічныя адносіны з Расіяй, Украінай, краінамі ЕС.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы супрацоўнікам Міністэрства эканомікі новага міністра Мікалая Снапкова.

Нягледзячы на чаканыя цяжкасці, ВУП у 2010 годзе павінен вырасці на 11—13%, заявіў Сідорскі. Адна з галоўных задач, якую павінна вырашыць Міністэрства эканомікі на чале з новым міністрам, — гэта паскорыць інавацыйнае развіццё эканомікі.

Кіраўнік урада таксама заклікаў звярнуць увагу на патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу. Паводле слоў Сідорскага, трэба актывізаваць работу па лібералізацыі ўмоў вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і скасаванні адміністрацыйных бар'ераў.

Прэм'ер нагадаў аб пастаўленай задачы — увайсці ў трыццатку лепшых краін свету па ўмовах вядзення бізнесу. У перспектыве ён лічыць магчымым ставіць задачу аб уваходжанні ў першую дзесятку такіх краін.

БелаПАН