Складскія запасы прапаноўваюць прадаць па галандскай сістэме

Для зніжэння складскіх запасаў бізнес прапаноўвае дзяржаве разгледзець магчымасць продажу дзяржпрадпрыемствамі сваіх неліквідных тавараў праз аўкцыёны па галандскай сістэме.
З такой ініцыятывай у Мінэканомікі звярнуўся Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

На думку першага віцэ-старшыні саюза Віктара Маргелава, галандскія аўкцыёны, пры якіх кошт ідзе не на павышэнне, а на зніжэнне, могуць стаць эфектыўным сродкам рэалізацыі непрададзенай прадукцыі.

Праўда, каб механізм галандскіх аўкцыёнаў запрацаваў, давядзецца прыняць шэраг нарматыўных актаў. Згодна з заканадаўствам, тавары унутры краіны можна прадаваць толькі па зарэгістраваных коштах.

Калі прадпрыемства вырашыць прадаваць нешта ніжэй за сабекошт, падатак яно заплаціць усё адно з кошту, роўнага сабекошту, пішуць “Беларускія навіны”.