Следчы камітэт пракаментаваў выкраданне дачкі актывіста БХД

27 ліпеня дачка бабруйскага прадпрымальніка і актывіста Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вячаслава Шэлега выйшла з дому на ранішнюю прабежку. Калі дзяўчына вісела на турніку, да яе падышоў невядомы і моцна ўдарыў па патыліцы. Дзяўчына ачомалася праз дзве гадзіны ў лесе за 20 кіламетраў ад Бабруйска. У яе адабралі мабільны тэлефон, ключы, знялі абутак. Вопратка дзяўчыны была падраная і перапэцканая чорнай фарбай.



Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка Упраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці Аксаны Салянюк, усталёўваюцца асобы, датычныя да гэтага інцыдэнту. Таксама яна паведаміла, што знойдзеную дзяўчыну змясцілі ў лякарню для абследавання. Пры паступленні ва ўстанову аховы здароўя бачных прыкметаў цялесных пашкоджанняў у яе не знайшлі. Іншай інфармацыі Следчы камітэт пакуль не мае, інфармуе БЕЛТА.



Як паведаміў Радыё Свабода бацька дзяўчыны, Вячаслаў Шэлег, яго дачка была шпіталізаваная з сатрасеннем мозгу. Ён звязвае гэты інцыдэнт са сваёй палітычнай актыўнасцю. Месяц таму да дачкі падыходзілі незнаёмыя і пагражалі ёй. Яны казалі, што бацька павінен пакінуць палітыку.