SpaceX запусціла спадарожнік, які забяспечыць Wi-Fi у самалётах
Ракета-носьбіт Falcon 9 амерыканскай прыватнай кампаніі SpaceX, якой валодае Ілон Маск, вывела на арбіту тэлекамунікацыйны спадарожнік Inmarsat-5 F4. Разам з іншымі спадарожнікамі ён будзе забяспечваць высакахуткасны інтэрнэт для самалётаў і марскіх караблёў, перадае Бі-Бі-Сі.
Inmarsat-5 F4 — чацвёрты спадарожнік у арбітальнай групоўцы Global Xpress, разгорнутай для прадастаўлення высакахуткаснага інтэрнэту ў моры, паветры і на зямлі.
Паведамляецца, што спадарожнік Inmarsat-5 F4, зроблены карпарацыяй Boeing, важыць больш за шэсць тон. Цяпер гэта самы вялікі груз, які Falcon 9 выводзіла на арбіту. З гэтай прычыны кампанія вырашыла не вяртаць першую прыступку ракеты на Зямлю: для цяжкога груза трэба шмат энергіі, каб вывесці яго на арбіту, і на вяртанне ракеты на Зямлю паліва ўжо б не хапіла.