Спецліцэй МУС сёлета прыме першых абітурыентаў

Спецліцэй МУС сёлета прыме першых абітурыентаў

Спецыялізаваны ліцэй МУС Беларусі, створаны летась у Мінску, прымае першых абітурыентаў. Як паведамляе БЕЛТА, ахвочыя стаць навучэнцамі гэтай установы павінны да 1 траўня падаць дакументы ў тэрытарыяльны аддзел унутраных справаў, орган або ўстанову крымінальна-выканаўчай сістэмы па месцы жыхарства або знаходжання.

Абітурыенты павінны будуць падаць характарыстыку з месца вучобы і шэраг іншых дакументаў. Аформленыя справы паступаючых будуць разглядаць у ГУУС Мінгарвыканкама,  УУС Мінаблвыканкама, а таксама ў Дэпартаменце аховы і Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС. Пасля гэтага абітурыенты павінны будуць прайсці медкамісію і здаць фізпадрыхтоўку. Па выніках гэтых выпрабаванняў іх дапусцяць да ўступных экзаменаў па матэматыцы і па беларускай (рускай) мове.

Адзначаецца, што па-за конкурсам у ліцэй МУС змогуць трапіць дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў і некаторыя іншыя льготнікі. Ім дастаткова здаць уступныя экзамены на адзнакі не ніжэйшыя за 4 балы.