Справу экс-кіраўніка Кастрычніцкага раёна Мінска перадалі ў Вярхоўны суд

Генеральная пракуратура перадала 15 студзеня ў Вярхоўны суд матэрыялы крымінальнай справы на былога кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінску Міхаіла Цыгана.
Як паведамілі БелаПАН у Генпракуратуры, крымінальная справа была распачатая 29 ліпеня 2009 года. Міхаіла Цыгана вінавацяць у неаднаразовым атрыманні хабараў у выглядзе грошай, матэрыяльных каштоўнасцяў і паслуг маёмаснага характару, а таксама ў здзяйсненні шэрагу іншых злачынстваў.

Экс-чыноўніку інкрымінуюць некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку атрыманне хабару, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, а таксама незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Другой абвінавачванай па гэтай справе праходзіць 73-гадовая жыхарка сталіцы. Пенсіянерку прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за дачу хабару Міхаілу Цыгану.