Стала вядомая дата правядзення ў Мінску “Сацыяльнага маршу”

Прэзідыум палітсавета аб’яднаных дэмакратычных сілаў канкрэтызаваў даты сацыяльнай кампаніі. Да канца лета будзе праходзіць інфармацыйная кампанія, звязаная з праблемай адмены сацыяльных гарантый. А 30 верасня пад агульным брэндам на ўсёй краіне пройдзе хваля мясцовых акцый.

Падрабязнасці “Еўрарадыё” распавёў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Гэта будзе адзіны дзень супольных акцый у агульнабеларускім масштабе і ў гэты дзень мы плануем задзейнічаць ад 70 да 100 рэгіёнаў Беларусі, у якіх будзе пададзеная заяўка на правядзенне альбо пікета, альбо мітынга.

Фармат вызначаюць рэгіянальныя арганізацыі, структуры і кааліцыі”.


2 кастрычніка ў рамкаў кампаніі запланаваная перадача зваротаў, подпісаў, петыцый ад грамадзян і грамадскіх аб’яднанняў у Палату прадстаўнікоў (якраз пачынаецца восеньская сесія Палаты).

Таксама, паводле словаў Лябедзькі, пачнецца рэалізацыя ініцыятывы аб адкліканні некалькіх найбольш адыёзных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

А 11 лістапада ў Мінску адбудзецца “Сацыяльны марш”, якім і будзе завершаная сацыяльная кампанія аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Дарэчы, на наступным тыдні будзе агучаная і дата правядзення аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі “Еўрапейскага маршу”, які папярэдне быў прызначаны на кастрычнік.