Сталі вядомыя сапернікі БГК па Лізе чэмпіёнаў і SEHA-лізе

Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова пазмагаецца за выхад у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў у кваліфікацыйных матчах, якія пройдуць 6-7 верасня ў Брэсце. Сапернікам беларускай каманды стане галандскі "Таргас Бева". У выпадку поспеху брэстчане сустрэнуцца з пераможцам пары "Войвадзіна" (Сербія) — "Татран" (Славакія). Калі БГК удасца прайсці кваліфікацыю, то сапернікамі нашых гандбалістаў па групавым раундзе ў групе А стануць нямецкі "Кіль", македонскі "Металург", харвацкі "Заграб", іспанскі "Лагроньё" і французскі "Пары Сен-Жэрмен".

Нагадаем, Еўрапейская федэрацыя гандбола нечакана для БГК імя Мяшкова змяніла ўмовы ўдзелу ў Лізе чэмпіёнаў. Раней, каб патрапіць у групавы этап прэстыжных спаборніцтваў, улічваўся рэйтынг краін у еўракубках. Аднак, згодна з новымі правіламі, ўлічваецца рэйтынг выступленняў беларускіх клубаў толькі ў самой Лізе чэмпіёнаў за апошнія тры сезоны. Тут наша краіна размясцілася толькі на 14-м месцы, таму дзеючаму чэмпіёну Беларусі давядзецца прайсці кваліфікацыю.

Акрамя Лігі чэмпіёнаў БГК імя Мяшкова прыме ўдзел яшчэ ў адным прадстаўнічым турніры — газпрамаўскай SEHA-лізе, якая ў гэтым годзе пройдзе ў чацвёрты раз. Сапернікамі беларусаў стануць 9 каманд з 6 краін: баснійская клуб "Борац", македонскія "Вардар" і "Металург", сербскія "Войвадзіна" і "Раднічкі", харвацкія "Заграб" і "Нэксе", венгерскі "Веспрам" і славацкі "Татран".