Брэсцкія гандбалісты трапяць у Лігу чэмпіёнаў толькі праз кваліфікацыю

Раней, каб трапіць у групавы этап прэстыжных спаборніцтваў, улічваўся рэйтынг краін у еўракубках. Беларусь у гэтым спісе зараз займае 12-е месца, што дазваляла БГК імя Мяшкова разлічваць на аўтаматычнае траплянне ў Лігу чэмпіёнаў.



Аднак некалькі дзён таму стала вядома, што, паводле новых правілаў, улічваецца рэйтынг выступаў беларускіх клубаў толькі ў самой Лізе чэмпіёнаў за апошнія тры сезоны. Тут Беларусь размясцілася толькі на 14-м месцы, таму дзейснаму чэмпіёну Беларусі давядзецца прайсці кваліфікацыю.



У кваліфікацыі брэстаўчане дакладна не згуляюць з  румынскім клубам "Канстанца" і ўкраінскім "Маторам", бо трапілі з імі ў адзін "лёсавы кошык". Па словах спартовага аглядальніка, галоўнага рэдактара сайта sportbrest.com Алеся Леўчука, абодва клубы — вельмі сур'ёзныя сапернікі, таму шанцы БГК патрапіць у Лігу чэмпіёнаў павялічваюцца.



Ляўчук: "Гледзячы на клубы, якія там гуляюць, БГК проста абавязаны праходзіць у групу. Калі ён не пройдзе з грашыма, якія ў клуб укладаюць, будзе сорам. У саперніках можа быць Галандыя, Бельгія, Італія... У гандболе гэта ніхто!"



Лёсаванне клубаў пройдзе ў Вене 26 чэрвеня. Самі кваліфікацыйныя гульні пройдуць 6 і 7 верасня ў фармаце "фіналу чатырох".



Нагадаем, што БГК імя Мяшкова сёлета зрабіў так званы "залаты дубль": каманда стала пераможцай чэмпіянату Беларусі і атрымала Кубак Беларусі.



Фота — БелаПАН