Сто балаў на ЦТ у Беларусі атрымалі 314 абітурыентаў

Сто балаў на ЦТ у Беларусі атрымалі 314 абітурыентаў

Сто балаў на цэнтралізаваным тэставанні ў Беларусі атрымалі 314 абітурыентаў, якія прыйшлі ў асноўны час. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Агулам сёлета зарэгістраваліся на ЦТ больш за 92 тысячы чалавек, каля 16 тысяч з іх не з’явіліся. За грубыя парушэнні (звычайна гэта выкарыстанне мабільных тэлефонаў) з аўдыторый выгналі 33 чалавекі.

Па словах Карпенкі, была прааналізаваная геаграфія абітурыентаў, якія набралі максімальную колькасць балаў па адным і больш прадметаў. “Гэта не толькі сталіца рэспублікі, але і рэгіёны, уключна з сельскімі населенымі пунктамі, — цытуе словы Ігара Карпенкі БЕЛТА. — Гэта гаворыць пра тое, што сістэма тэставання дастаткова празрыстая і абітурыенты маюць роўныя магчымасці для таго, каб здаць тэсты і паказаць свае веды, а таксама ўдзельнічаць у конкурсе для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы”.