Студэнты ЕГУ абвяшчаюць пра акцыю салідарнасці з Міколам Дзядком

Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ і моладзевая ініцыятыва “StudAlliance” абвяшчаюць пра бестэрміновую акцыю салідарнасці са студэнтам ЕГУ Міколам Дзядком, якога ўжо два з паловай месяцы трымаюць пад вартай.

16 лістапада, у Дзень Салідарнасці з ахвярамі палітычнага рэжыму ў Беларусі,студэнты заклікаюць далучыцца да акцыі салідарнасці з Міколам Дзядком. Яны патрабуюць ад сілавых структур Беларусі альбо вызваліць Дзядка з-пад варты з-за адсутнасці наўпроставых доказаў яго датычнасці да якіх бы там ні было правапарушэнняў і злачынстваў, альбо правесці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы.

Студэнты заяўляюць, што будуць дамагацца неадкладнага вызвалення Дзядка з-пад варты любымі законнымі дзеяннямі, як у Беларусі, так і праз міжнародныя інстытуты і арганізацыі.

Таксама просяць пісаць лісты падтрымкі Міколу Дзядку ў жодзінскую турму: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., г. Жодзіна, 222160, вул. Савецкая 22А, турма №8, для Міколы Дзядка.