Суд апраўдаў верніка, асуджанага за адмову служыць у войску

Іван Міхайлаў, асуджаны за адмову служыць у войскі па рэлігійных перакананнях, цалкам апраўданы. Такое рашэнне 4 траўня вынес суд Мінскага раёна, паведамляе БелаПАН. Нагадаем, 21-гадовы вернік абшчыны "Новы запавет" Іван Міхайлаў адмовіўся ад тэрміновай вайсковай службы, на якую яго заклікалі ў снежні 2008 года. Міхайлаў папрасіў альтэрнатыўную службу ў адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі. У гэтым яму адмовілі, бо ў Беларусі няма альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Таксама верніку адмовілі ў службе ў рэзерве.

1 лютага 2009 года Мінскі раённы суд асудзіў юнака на тры месяцы арышту за ўхіленне ад вайсковай службы. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Івана Міхайлава вязнем сумлення.

У сакавіку справу Міхайлава накіравалі на паўторны разгляд. Самога хлопца вызвалілі пад падпіску аб нявыяздзе, а цяпер і апраўдалі.