Суд не ўбачыў паклёпу ў артыкуле “Советской Белоруссии” пра Алега Воўчака

Судовы разбор па скарзе Алега Воўчака да газеты Адміністрацыі прэзідэнта “Советская Белоруссия” скончыўся цягам аднаго дня. Суддзя вынес рашэнне на карысць прэзідэнцкай газеты. Нагадаем, праваабаронца падаў у суд з-за артыкулу, напісанага пад псеўданімам Ксенафонт Суперфасфатаў.
Вось, што распавёў Еўрарадыё сам Алег Воўчак.

Алег Воўчак: “Суддзя сказаў, што “Советская Белоруссия” спасылалася на факты, якія былі апублікаваныя ў іншых выданнях і ў іх не ўтрымліваецца нейкіх звестак, якія ганьбяць мой гонар і дзелавую рэпутацыю”.

Праваабаронца прызнаўся, што яго вельмі ўразіла настойлівае імкненне суддзі разгледзець справу за дзень.

Алег Воўчак: “Мне вельмі не спадабалася пазіцыя суддзі, ён усё гнаў працэс і хацеў усё за ўчорашні дзень завершыць. Матывацыя бала тая, што ў яго ўсё распісана па графіку, вядзенне спраў. Таму ён не можа нешта пасунуць і прызначыць спрэчкі па справе на іншы дзень. І прызначыў правесці іх адразу пасля разбору. Хоць у сваім выступе падчас спрэчак я сказаў, што пасля атрымання такога аб’ёму інфармацыі трэба тыдзень разбірацца юрыстам з дапамогай філолагаў, каб удакладніць, што такое факт, што такое меркаванне, што азначалі выразы ў артыкуле. Але відаць суддзі ў нас стаханаўцы, якія могуць па ходзе такую складаную справу вырашыць”.

Зараз праваабаронца рыхтуе касацыйную скаргу на рашэнне суда ў вышэйшую інстанцыі. Але не спадзяецца на станоўчае рашэнне і там. Бо лічыць справу палітычнай, рашэнне па якой прымаюцца на ўзроўні установы, якая і з’яўляецца заснавальнікам “Советской Белоруссии”. Але ўпэўнены, што трэба адстойваць свае права да апошняга.

Алег Воўчак: “Трэба не толькі свой гонар адстойваць, але і караць грашыма чыноўнікаў. Займацца паклёпамі са старонак “Советской Белоруссии” – гэта парушае этыку журналіста. Падабаецца вам пазіцыя Воўчака альбо не – пішыце толькі тыя факты, якія былі даказаныя. А не выдумляйце з галавы, карыстаючыся ўпэўненасцю, што вас заўсёды абароніць гэтая сістэма”.