Супрацоўнікі ДАІ выратавалі кіроўцу з палаючага аўтамабіля

Кіроўцу з палаючага аўтамабіля выратавалі супрацоўнікі ДАІ ў Мінску. Здарэнне адбылося ў Цэнтральным раёне на скрыжаванні вуліц Куйбышава і Янкі Купалы.

Як паведамляе БЕЛТА, супрацоўнікі ДАІ заўважылі аўтамабіль "Мерсэдэс", які ехаў з перавышэннем дазволенай хуткасці. Яны перадалі па рацыі накірунак руху легкавіка і паехалі за ім. Неўзабаве кіроўца не саўладаў з кіраваннем і наехаў на бетонную сцяну, аўтамабіль загарэўся.

Супрацоўнікі ДАІ выцягнулі кіроўцу, які страціў прытомнасць, з салона машыны і, такім чынам, выратавалі яму жыццё. Яны аказалі яму першую медыцынскую дапамогу. Мужчыну адвезлі ў бальніцу хуткай меддапамогі. Высвятляецца, ці быў ён у стане алкагольнага ап'янення.