Сяргей Каваленка абвясціў інфармацыйную вайну

Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка абвясціў дзяржаўным віцебскім выданням інфармацыйную вайну. Нагодай стала тое, што суд не задаволіў ягоны пазоў супраць гэтых выданняў.

Суд Віцебску не задаволіў пазоў Сяргея Каваленкі супраць рэдакцыі газэты "Віцьбічы" і старшыні гарвыканкаму. Ад іх актывіст КХП БНФ патрабаваў матэрыяльнай кампенсацыі за маральныя пакуты. Таксама ён жадаў выбачэнняў за змест артыкула "Каму дрэнна, калі нам добра", перадае Радыё Свабода.

Суд лічыць, што ў артыкуле, надрукаваным неўзабаве пасля таго, як Каваленку затрымалі за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на гарадской навагодняй ёлцы, няма зняваг і абразаў.  Сяргей Каваленка кажа: "Я ведаў, што мой пазоў не задаволяць, бо ўсё гэта адна сістэма, і суддзі выконваюць волю ўладаў."

У названым артыкуле згадваецца імя Сяргея Каваленкі. Ён прадстаўлены журналісткай "Віцьбіча" як вулічны хуліган, небяспечны для грамадства. Якраз з гэтым апазыцыянер прынцыпова не згодны. Вывешванне сцяга падчас масавых мерапрыемстваў Каваленка называе палітычнай акцыяй, а не хуліганскім учынкам. Актывіст перакананы, што пра палітычную акцыю нельга пісаць у зневажальным тоне.