Сяргей Рыжоў сыходзіць з выбарчай кампаніі

Яшчэ адзін прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду заявіў, што спыняе збор подпісаў і здымаецца з выбарчай кампаніі. Як паведамляе БелаПАН, гэта Сяргей Рыжоў, начальнік сектара замежнаэканамічнай дзейнасці Віцебскага садавінагародніннага камбіната.

У публічнай заяве прэтэндэнт адзначыў, што яго ініцыятыўная група не набрала належнай колькасці подпісаў для рэгістрацыі Рыжова ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Ён лічыць, што прычына гэтага - не толькі ў малалікасці і малым досведзе яго групы, але і ў адсутнасці дастатковага фінансавання, а таксама ў ціску з боку ўлады.

Рыжоў называе памылкай адсутнасць адзінага кандыдата ў якасці альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку. Аднак "трагічнай памылкай" ён лічыць заклікі асобных палітыкаў "да актыўнага супраціву дзейснай уладзе і вывад людзей "на плошчу" з наступнымі непрадказальнымі наступствамі".