Сын супрацоўніка міліцыі падпаліў шматпавярховік у Віцебску

23 кастрычніка ў пяць гадзін раніцы пажар здарыўся ў адным з дамоў па вуліцы Ўрыцкага ў Віцебску.  Па словах суседзяў, усю ноч у кватэры ішла п’янка, нехта сварыўся, чуліся такія гукі, быццам там кідаюцца мэбляю. Сярод ночы да дэбашыраў нават выклікалі міліцыю. Кажуць, што 24-гадовы хлопец, які і завёў сварку, пагражаў падпаліць хату. Не выключана, што ён здейсніў сваю пагрозу.

Праваахоўныя органы ўстрымліваюцца ад каментароў. Магчыма, з прычыны таго, што адзін з бацькоў падпальшчыка — супрацоўнік міліцыі.

У выніку пажара згарэла мэбля ў адным з пакояў і былі задымленыя два паверхі дома — і лесвічная клетка, і суседскія кватэры. Жыхароў давялося эвакуяваць, частку здымалі з вокнаў пры дапамозе спецтэхнікі. У пад’ездзе знайшлі мужчыну з сабакам. Небараку стала кепска, калі ён, вяртаючыся з прагулкі, удыхнуў дыму. Пакуль ратавальнікі знайшлі яго, сабака, што заставаўся побач з гаспадаром, сканаў ад чаду.