Сёння ў Мінску адкрываецца кінафестываль “Лістапад-2010”

Урачыстая цырымонія адкрыцця XVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад-2010” адбудзецца сёння ў Палацы Рэспублікі, паведамляе БЕЛТА. У праграме цырымоніі адкрыцця — харэаграфічныя нумары, выступленне ансамблю “Класік-авангард”, вакальнага гурта “Чысты голас”, вітальнае слова арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю. Пасля цырымоніі адкрыцця ў Малой залі Палацу Рэспублікі пакажуць фільм “Брэсцкая крэпасць”. Гэтым разам фестываль паўстане перад гледачамі ў абноўленым фармаце. Тут пройдзе пяць асобных конкурсаў фільмаў. У асноўным конкурсе гульнявога кіно будзе паказана стужка беларускага рэжысёра Андрэя Кудзіненкі “Масакра”. Пераможцаў гэтым разам будзе вызначаць прафесійнае журы, а не гледачы, як гэта было раней.