Сёння ў Мінску пройдзе мірная акцыя салідарнасці

Актывіст дэмакратычнага руху Франак Вячорка ў сваім блогу заклікаў правесці сёння мірную акцыю салідарнасці каля спецпрыёмніка-размеркавальніка па вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Пачатак а 18-й гадзіне.
"Шмат маіх сяброў трапілі на Акрэсьціна, — піша Франак Вячорка. —  Некаторыя там сустрэнуць Новы Год. Іх віна толькі ў тым, што яны хацелі свабодных выбарау.
Затрыманым патрэбна нашая салідарнасьць, як ніколі. Усім нам патрэбная салідарнасьць і пачуцьцё еднасьці. На жаль, на суды нас не дапусьцяць. Самае лепшае, што мы можам зрабіць – гэта паказаць нашым сябрам, якія апынуліся за кратамі, што іх пакуты недарэмныя.

Я сам сядзеў у турме, і ведаю, як важна ведаць, што недзе звонку ёсьць людзі, якія цябе любяць. Дык жа пакажам нашым сябрам і блізкім, што мы іх чакаем.

Бярыце ліхтарыкі, сьвечкі, запальнічкі, бэнгальскія агні. Давайце зробім нашым сябрам, а таксама нашым кандыдатам, сьвята. Бо так яно і ёсьць — мы перамаглі. Мірная акцыя салідарнасьці.

21 сьнежня, аўторак, 18:00. Спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік па вул. Акрэсьціна".