Сёння ў Шклоўскай калоніі судзяць Змітра Дашкевіча

Сёння ў калоніі агульнага рэжыму № 17 у Шклове пачынаецца судовы працэс па новай крымінальнай справе ў дачыненні да аднаго з лідэраў моладзевага апазіцыйнага руху Змітра Дашкевіча. Нагадаем, Дашкевіч адбывае пакаранне па абвінавачанні ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". Прысуд быў вынесены 1 лістапада 2006 года. Яго асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Новая справа ў дачыненні да 26-гадовага апазіцыянера была распачата 14 жніўня за адмову або ўхіленне сведкі або пацярпелага ад давання паказанняў, што прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі.

Дашкевіча абвінавацілі ў адмове ад давання паказанняў па справе, распачатай у дачыненні да Івана Шылы, якому інкрымінавалася дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт". 4 верасня Шыла быў прызнаны вінаватым.

У якасці пакарання суд вынес яму афіцыйнае папярэджанне. Па словах былога адваката Ігара Рынкевіча, новае абвінавачанне супярэчыць і Канстытуцыі Беларусі, і Крымінальнаму кодэксу, дзе гарантуецца права сведкі не сведчыць супраць сябе.

Ігар Рынкевіч: “Калі Зміцер гіпатэтычна дае паказанні супраць таго ж Івана Шылы. Іван Шыла ідзе па тым самым артыкуле, па той самай справе, па той жа арганізацыі, якой кіраваў Дашкевіч. Тут ужо зразумела, што такое шкодзіць Дашкевічу, таму ён мае права не даваць паказанні”.