Тайланд не будзе выстаўляць абвінавачанні лётчыкам Іл-76

Генпракуратура Тайланда не будзе выстаўляць абвінавачанні экіпажу самалёта Іл-76, затрыманага ў Бангкоку з кантрабандным грузам зброі. Пра гэта паведамляе "Лента.ру" са спасылкай на тайландскую англамоўную газету The Nation. Па звестках выдання, атрыманых ад высокапастаўленага супрацоўніка Генпракуратуры, рашэнне адмовіцца ад выстаўлення абвінавачанняў праваахоўнікі Тайланда прынялі па просьбе ўладаў Беларусі і Казахстана, якія выказалі жаданне, каб іх грамадзян судзілі на радзіме.

11 лютага заканчваецца тэрмін, на працягу якога, па законах Тайланда, лётчыкаў Іл-76 маглі ўтрымоўваць пад вартай без выстаўлення абвінавачванняў.

Нагадаем, грузавы самалёт Іл-76 быў затрыманы ў аэрапорце Бангкока 11 снежня 2009 года. Тайландскія ўлады выявілі, што ён перавозіў больш за 35 тон зброі з Паўночнай Карэі. Па дакументах груз на самалёце праходзіў як "абсталяванне для свідравання". Экіпаж Іл-76, у якім ёсць беларус Міхаіл Петухоў, быў узяты пад варту. Лётчыкі заявілі, што не ведалі пра характар грузу.